Тэма 12. КАМУНІКАТЫЎНА-МАЎЛЕНЧАЯ СІТУАЦЫЯ І ВЫКАЗВАННЕ

 

Асноўным складнікам камунікатыўна-маўленчай сітуацыі з’яўляецца выказванне. Гэта такая адзінка маўленчага працэсу, якая мае адносную самастойнасць, закончанасць, уключае ў сябе камунікатыўна-мадальны аспект, інтанацыю (у вусным варыянце), невербальныя сродкі, даступныя актуальнаму чляненню (тэма – рэма). Гэта можа быць рэпліка, маналог у дыялогу, фраза як частка больш буйнога маўленчага дзеяння. Выказваннем з’яўляецца і цэлая прамова, артыкул, аповесць. Тэрмін выказванне можа быць ужыты не толькі да працэсу маўлення, але і да тэксту.

Выказванне заўсёды суаднесена з пэўнымі сітуацыямі жыцця, для яго характэрная матываванасць, наяўнасць мэты, уключанасць у пазамоўную дзейнасць суб’екта.

Прыклады адрэзкаў маўленчага працэсу, якія можна кваліфікаваць як выказванні: прывітанне пры сустрэчы; выклік таксі па тэлефоне; адказ вучня на ўроку; ліст сябру; выступленне на навуковай канферэнцыі; артыкул для часопіса (ён можа дзяліцца на главы, параграфы, кожная частка таксама можа кваліфікавацца як асобнае выказванне); запіс у асабістым дзённіку.

Выказванне суадносіцца з паняццем тэксту. Тэкстам (ад лац. textum ‘сувязь, злучэнне’) называецца маўленчы твор, які выказвае пэўную інфармацыю і валодае структурнай цэласнасцю. Па аб’ёме і змесце тэксты могуць быць рознымі.

  1. Просты сказ: Гэта дарога да храма.
  2. Складаныя сказы: Я ведаю, што гэтая дарога прывядзе да храма. Гэта дарога вядзе да храма, і мы абралі яе без ваганняў.
  3. Злучэнне некалькіх сказаў: Я, ігемон, казаў, што абрынецца храм старой веры і створыцца новы храм ісціны. Сказаў так, каб было больш зразумела (М. Булгакаў).
  4. Складанае сінтаксічнае цэлае (міжфразавае адзінства), якое супадае звычайна з абзацам: Груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца. І, аднак, падыходзіла яе апошняя часіна (У. Караткевіч).
  5. Глава: глава 2 “Понцій Пілат” [14, с. 273].

Тэкст – гэта прадукт маўленчай дзейнасці. Звычайна тэкстам называюць запісанае, надрукаванае маўленне, але тэрмін тэкст можна ўжыць і да вуснага, і нават да ўнутранага  маўлення.

Тэкст – гэта прастора выказвання, поле выражэння думкі. У межах гэтай прасторы складваецца, фарміруецца стратэгія маўлення.

Тэкст карэктуецца на этапе ўнутранай, разумовай падрыхтоўкі, а ў пісьмовым варыянце – таксама ў працэсе самарэдагавання, у адпаведнасці са стылістычнымі нормамі мовы, камунікатыўнай мэтазгоднасцю ў пэўнай сітуацыі зносін.

Сапраўднае разуменне тэксту наўрад ці дасягальнае толькі на вербальна-граматычнай аснове. Многія лінгвісты лічаць, што тэкст, асабліва ў мастацкім творы, – гэта сфера інтарэсаў літаратуразнаўства, а не мовазнаўства. Але з пазіцый маўлення, яго тэорыі і практыкі, мяжа тут няўлоўная, таму тэорыя маўлення вельмі зацікаўлена ў прызнанні і паспяховым развіцці лінгвістычнай тэорыі тэксту.

Выразна вылучыліся два падыходы, два напрамкі ў лінгвістычных даследаваннях тэкстаў: функцыянальная тыпалогія, падставай якой з’явіліся сацыяльныя функцыі і мэты выкарыстання тэкстаў, і структурная тыпалогія, звернутая да ўнутранай арганізацыі тэкстаў.

Першы напрамак у значнай меры адраджае традыцыйную для рыторыкі класіфікацыю, збліжае тыпы маўлення (тэксту) з жанрамі: гэта апавяданне (падзейны аспект, разгортванне дзеяння, сюжэту, адлюстра-ванне дзейных асоб і інш.); апісанне, якое не мае атрыбутаў апавядання, але дае карціны жыцця: пейзаж, партрэт, прыкметы асобнага прадмета, малюнак складаных аб’ектаў, часам параўнальны, і разважанне, якое набліжаецца да логікі доказу або абвяржэння, пабудаванае на гіпотэзе, аргументацыі, аналогіі і інш.

Функцыянальны кірунак у даследаванні тэксту прадстаўлены манаграфіяй В. А. Нячаева “Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення (апісанне, апавяданне, разважанне)” (Улан-Удэ, 1974). Аўтар абапіраецца на публікацыі Р. Якабсона, Л. П. Якубінскага, А. В. Бандарка (“Граматычныя катэгорыі і кантэкст”), Г. В. Калшанскага, В. З. Панфілава. Названы кірунак быў развіты пазней у працах А. М. Кожына, І. Р. Гальперына. У методыцы сачынення ў школе адпаведны кірунак распрацавалі Т. А. Ладыжанская, П. Ф. Іўчанкаў, В. І. Капінос,
А. Ю. Купалава і інш.

Кантамінаваны варыянт (пастаянна сустракаецца ў жыцці, у літаратуры) даследавала Н. Д. Бурвікава. Яна ж прапанавала адпаведную методыку навучання.

 

 

Кампазіцыйныя мадэлі тыпаў маўлення:

Апавяданне. Кампазіцыя: завязка – развіццё дзеяння – кульмінацыя – развязка.

Апісанне. Аб’ект апісання – яго прыкметы – агульная карціна, вобраз.

Разважанне. Тэзіс – доказ – вывад.

Функцыянальны кірунак даследуе ўмовы, жанры, асаблівасці маналагічнага маўлення – вуснага і пісьмовага, структуру тэкстаў розных тыпаў: функцыі апісання, апавядання і разважання. У апісанні вылучаюцца канкрэтны, абагульнены і мастацкі тыпы, мадальнасць і катэгорыя часу,  сінтаксічныя асаблівасці, вобразныя сродкі.

У апавяданні даецца мікратэматычнае яго чляненне, дынамічнасць і спосабы яе дасягнення, даследуецца роля злучнікаў, парадку слоў, роля аўтарскай пазіцыі, сцэнічнасць апавядання.

У разважанні – лагічны і структурна-лінгвістычны кампаненты, моўная структура разважання, сэнсавае значэнне і моўная форма пасылак у разважанні, месца разважання ў мастацкім творы.

Даследуюцца таксама функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення ў стылістычным ключы.

Разам з агульнымі функцыянальна-сэнсавымі тыпамі маўлення ў апошнія дзесяцігоддзі сталі вывучацца прыватныя тыпы: структура зачынаў, пачатковых уступных канструкцый; даюцца тыпалогіі па іх структуры і прыметах. Тое ж можна сказаць пра заключныя абзацы, прычым робяцца спробы не толькі вылучаць стандарты, але і рэкамендаваць іх шырокаму колу аўтараў. Гэты кірунак пошуку збліжаецца з маўленчым этыкетам: успамінаюцца распаўсюджаныя
ў XIX ст. узоры дзелавых папер у дапамогу малаадукаванаму насельніцтву, узоры воінскіх загадаў пад назвай “Ваенная рыторыка” (1825). Такая традыцыя жыве і дагэтуль: кнігагандлёвая сетка літаральна наводненая “ўзорнымі” сачыненнямі для тых, хто паступае ў ВНУ.

Другі, структурны падыход, які і атрымаў назву “лінгвістыка тэксту”, звязаны з выяўленнем, вывучэннем і мадэляваннем унутрытэкставых сувязей, прычым для зручнасці ўводзіцца паняцце кампанента тэксту (абзаца, звышфразавага адзінства, складанага сінтаксічнага цэлага і інш.).

Сёння ўжо вылучаны і апісаны дзясяткі ўстойлівых, рэгулярна ўзнаўляльных відаў такіх сувязяў – лагічных (змястоўных), лексічных, марфалагічных, сінтаксічных, графічных – у варыянце пісьмовай мовы.

Кампанент тэксту, які сапраўды можна лічыць адзінкай у працэсе аналізу цэлага тэксту, абзац – адрэзак пісьмовай мовы ад аднаго чырвонага радка да другога, які функцыянуе як звышфразавае адзінства або складанае сінтаксічнае цэлае. Але абзац не стаў адзінкай тэксту, прынятай новай галіной лінгвістыкі, таму аўтарскае дзяленне тэксту на абзацы з’яўляецца вельмі суб’ектыўным [41, с. 200].

Большасць аўтараў аддаюць перавагу тэрміну “складанае сінтаксічнае цэлае” (ССЦ). Гэта група цесна ўзаемазвязаных закончаных сказаў, якія ўтвараюць асаблівую сінтаксіка-стылістычную адзінку. ССЦ – кампанент цэлага тэксту, які валодае, акрамя сэнсавых, моўнымі сродкамі сувязі і, такім чынам, сінтаксічнай структурай. Для тэорыі мовы важна падкрэсліць аспект спараджэння тэксту. У плыні маўлення сказы групуюцца, аб’ядноўваюцца тэматычна, структурна і інтанацыйна і ўтвараюць асаблівую сінтаксічную адзінку – ССЦ, напрыклад: Ахіналі ноч туманы. Вільготныя, цёплыя, якія бываюць хіба толькі ў красавіцкія ночы, калі чуеш, здаецца, як дыхае зямля, як прачынаецца ад зімовага сну, ад зімовае скутае нерухомасці. Цурчаць гучныя ў цішыні ручаіны, шумяць вадаспады лагчын, і ў хмялявым паветры, напоеным сокамі абуджанай вясною зямлі, узнікаюць таемныя галасы, таемныя гукі. То шархане аб бераг нерасталая крыга, то сава кігікне раптам у кусце, напалохаўшы нечаканасцю сваёй стомленага падарожніка, то падасца лёд на балоце, асядзе альбо ўздымецца, узадраўшы прымерзлыя купіны, махавіну пухнатую, – з карэннем выскубе яе і падрэжа. І гук той, як цяжкі ўздых, ляціць павольна над полем, над лесам, над дарагой лесавой, балацянаю. Тады настарожваецца сэрца і б’е часцей у такт узбуджаным сілам зямлі і цямрынь ночы настаражвае вуха. І чалавек прыслухаецца да начы, да зямлі, да яе вялікага і таемнага подыху, у якім захована неўміручья радасць – радасць нараджэння новага жыцця. Ахіналі ноч туманы. Цёплую красавіцкую ноч (М. Лынькоў).

Сродкі сувязі ССЦ у тэксце:

  1. Змястоўныя, лагічныя і псіхалагічныя сувязі:

а) адзінства месца,часу, дзейных асоб;

б) сувязь з мінулымі і з будучымі падзеямі, або адзінства сюжэту. Малюнак душэўнага стану персанажаў, разнастайныя алюзіі, праява ўнутраных станаў персанажаў. Да гэтай групы сувязяў адносяцца спасылкі на вядомыя факты, на імёны людзей, гістарычныя даты, цытаванне, прыказкі, афарызмы, рознага роду аўтарскія рэмаркі, загалоўкі, эпіграфы і многае іншае.

  1. Літаратурныя, рытарычныя сродкі сувязі:

а) прыёмы кампазіцыі літаратурнага твора: сюжэтныя лініі, перанос падзей у часе, увядзенне пейзажных замалёвак і інш.;

б) выкананне законаў жанру: байкі, сяброўскага ліста, прыпеўкі, эпіграмы, санета (вянка санетаў), інтэрв’ю і інш.;

в) пабудова кампанента тэксту ў выглядзе рытарычнай фігуры: перыяду, разгорнутай антытэзы, парадоксу, анафары або эпіфары, алегорыі і іншых тропаў, розныя дыялогі і інш. Нават эліпсіс можа выконваць функцыі сувязі, а таксама фігура змаўчання.

  1. Моўныя сродкі сувязі (лексіка, фразеалогія):

а) выбар дакладнага, дарэчнага слова; выкарыстанне сінонімаў у прасторы ССЦ і за яго межамі; выбар слоў стварае таксама псіхалагічны эфект;

б) наўмысны, апраўданы паўтор аднаго і таго ж слова;

в) асацыятыўны выбар слоў (асацыяцыі парадыгматычныя, сінтагматычныя, кантрасныя, словаўтваральныя і інш.);

г) займеннікавыя замены імёнаў; прыслоўныя замены словазлучэнняў са значэннем месца, часу і інш.;

д) ужыванне антонімаў, стылістычна афарбаванай лексікі, прафесійнай, іншамоўнай лексікі ў адпаведным тэксце;

е) ужыванне фразеалогіі, якая надае пэўны каларыт тэксту;

ж) слова-абагульненне, якое будзе канкрэтызавана ў тэксце далей; яно можа стаяць і ў канцы абагульняльных звестак.

У апошнім выпадку такое абагульняльнае слова выконвае сінтаксічную функцыю.

  1. Граматычныя сувязі. Марфалогія і сінтаксіс:

а) злучнікі, якія злучаюць сказы ў кампаненце тэксту: і, але, калі, што, то … то, калі і іншыя паўтарэнні злучнікаў у ССЦ;

б) суадносныя са злучнікамі займеннікі або прыслоўі;

в) пытальныя сказы ў складзе ССЦ і адказы на пастаўленыя ў іх пытанні. У гэтым тыпе сувязі ёсць і лагічная аснова;

г) пабудова ССЦ па тыпу сказаў з аднароднымі членамі, але з размежаваннем сказаў;

д) ланцуговая або паралельная сувязь сказаў у структуры ССЦ;

е) пабочныя словы ці сказы ў ролі сродку сувязі;

ж) адзінае трывальна-часавае поле дзеясловаў;

і) суаднесенасць марфалагічных формаў часцін мовы (асабліва гэта датычыцца займеннікаў); парушэнне такой суаднесенасці расцэньваецца як памылка, як скажэнне сэнсу;

к) разнастайнасць сінтаксічных канструкцый як структурны прыём у кампаненце тэксту; парушэнне разнастайнасці лічыцца недахопам, так званы сінтаксічны монатон.

  1. Стылістычныя сувязі:

а) увесь тэкст або ўвесь разабраны кампанент тэксту (ССЦ) вытрыманы ў пэўным (дарэчным) стылі;

б) адбываецца мэтазгодная змена стыляў (напрыклад, у дыялогу змяняецца стыль маўлення яго ўдзельнікаў).

  1. Інтанацыйныя, вымаўленчыя сродкі сувязі (вуснае маўленне):

а)  нтанацыі пачатку і канца абзаца; адпаведныя паўзы, інтанаванне кожнага сказа ў складзе ССЦ;

б) эмацыйныя інтанацыі, тэмбр голасу (дзе трэба – ліслівасць, дзе трэба – іронія і інш.);

в) лагічны, фразавы націск, псіхалагічныя паўзы; нават тэмп і гучнасць маўлення.

Навукоўцамі адзначана больш за 30 сродкаў унутраных сувязяў (або так званых скрэп) у тэксце, але іх нашмат больш: у тэксце рэалізуюцца ўсе сродкі мовы і маўлення [22, с. 100].

Якой бы багатай ні была мова, якой бы вялікай ні была колькасць яе адзінак, але ў маўленні, сказах і тэкстах магчымых варыянтаў пабудовы невымерна больш. Выказваецца меркаванне, што разнастайнасць бясконцая, аднак матэматыка дае магчымасць вылічыць канчатковы лік спалучэнняў і размяшчэнняў.